Mroiva: Citra & Mosaic
Session New England IPA
Усе нашыя сакавітыя і мутныя IPA звычайна маюць прыкладна аднолькавую рэцэптуру і адрозніваюцца толькі гатункамі хмелю і колькасцю соладу і шматкоў, у залежнасці ад лінейкі. Але ў гэты раз мы вырашылі крыху змяніць падыход, каб зрабіць сесіённы New England IPA больш шчыльным і незвычайным. Мы дадалі лактозу, якая зрабіла цела багацейшым, нягледзячы на ўсяго 3,7% алкаголю, і ферментавалі сусла з дапамогай дрожджаў WLP644 Bruxellensis Trois. Пэўны час гэты бельгійскі штам адносілі да Brettanomyces, бо піва, зброджанае ім, мае фруктовы і аскомісты характар, падобны да некаторых дзікіх дрожджаў. Гэтая асаблівасць штаму вельмі пасуе да NEIPA, чым мы і вырашылі скарыстацца. Духмяныя гатункі хмелю Citra і Mosaic яшчэ больш зрабілі піва сакавітым, насыціўшы яго адценнямі манга, ананаса, лічы і лімона. Усё гэта разам з аксамітнай мутнай базай робіць піва вашым найлепшым сябрам у спякотныя летнія дні.