Malanka — мінскі бровар, які пачаў працу ў 2019 годзе. Ён створаны трыма выхадцамі з хатняга піваварства — Андрэем Васіным, Юрыем Плескачэўскім і Вячаславам Радзівонавым.
Хто мы?
Мы ўсе не адзін год займаліся хатнім броварствам, спрабуючы свае сілы ў самых розных стылях: ад ліхтэнхайнера і фруктовых мілкшэйкаў да звышмоцных імперскіх стаўтаў і сапраўдных спантанных эляў. Мы натхняліся досведам амерыканскіх крафтавых півавараў, таму пачынаем працу з маленькай вытворчасці і цікавых эксперыментаў. Усё абсталяванне створанае ўласнымі высілкамі: мы самі праектавалі варачны парадак, збіралі панэлі кіравання, удасканальвалі брадзільныя ёмістасці, пракладалі сістэму ахалоджвання. Мы толькі робім першыя крокі ў прафесыйным броварстве, але імкнемся варыць цікавае піва ў адпаведнасці з найлепшымі сучаснымі практыкамі.
Чаму Malanka?
Маланка — вельмі яскравы і запамінальны вобраз, пра які існуе шмат паданняў і легенд. Больш за тое, этымалагічна слова «маланка» звязана са словамі «млын» і «мука», а таксама з паняццем «малоць зерне», што сведчыць пра блізасць тэрміну да піваварства і хлебапякарства. Важна таксама тое, што лацінізаванае (у адпаведнасці з Інструкцыяй па транслітарацыі) напісанне слова — Malanka — лёгка чытаецца носьбітамі амаль любой мовы.
Якія гатункі?
Свае першыя гатункі мы прадставілі ў траўні 2019 году. Гэта было піва ў пяці розных стылях: ад суперлёгкага грызета да падвойнага IPA і вытрыманага на шчапе кандытарскага стаўта.