Піва Malanka у бутэльках

Malanka выпускае ў бутэльках толькі «дзікія» і моцныя гатункі. Кожны з іх — гэта эксперымент з вытрымкай піва ў дубовых бочках з-пад віна, каньяку і іншых напояў. Такое піва набывае ўнікальны характар, дзякуючы часу, праведзенаму ў дрэве.
Мы выпускаем абмежаваныя серыі ў бутэльках 0,33 і 0,75 л.

Нашы «дзікія» гатункі — wild ale, saison, berliner weisse — зброджваюцца адмысловым чынам. Яшчэ калі мы не думалі пра ўласны бровар, а варылі піва дома, мы пачалі пагружацца ў свет дзікіх эляў. Мы знаходзілі розныя штамы, збіралі мікраарганізмы з рознага піва з усёй планеты і нават эксперыментавалі са спантанным браджэннем. У выніку гэтай цікавай і даволі складанай працы ў нас сфармаваўся свой уласны блэнд дрожджаў, педыёкокаў, лактабактэрый і брэтанаміцэтаў, які цяпер мы выкарыстоўваем у такіх гатунках піва Malanka.

Malanka beer in bottles

Іншы наш кірунак — моцныя цёмныя гатункі. Такому піву патрэбны час, каб збалансаваць багацце адценняў смажанага і вэнджанага соладу, а таксама насыціць яго адценнямі тых напояў, якія былі ў бондах раней. Нашы стаўты і портэры могуць вытрымлівацца ў бондах ад шасці месяцаў да двух гадоў, каб дасягнуць свайго найлепшага стану.

У дадзены момант вы можаце замовіць і купіць:

Vir: Višnia

«Вір» — дзікі эль, які мы зрабілі з выкарыстаннем традыцыйнай для бельгійскай традыцыі фруктовага піва высокай долі пшаніцы, зварылі са старым вытрыманым хмелем, павольна ферментавалі з дапамогай нашай хатняй сумесі дзікіх дражджэй і бактэрый, а затым вытрымалі больш за год у дубовай віннай бонды. Якраз у той час, калі базавае піва было ў найлепшым сваім стане, мы пералілі яго на сакавітую і духмяную вішню для далейшай вытрымкі.


Pramień: Dźmuchaŭcy

Гэты гатунак «Праменя» мы зварылі некалькі год таму, у самы разгар вясны, са свежасабранымі дзьмухаўцамі, за якімі ездзілі далей ад вялікіх дарог у пакінутыя палі, каб здабыць самыя духмяныя кветкі. Пасля доўгага і павольнага працэсу браджэння з удзелам дзікіх штамаў дражджэй мы вытрымалі наш «Прамень» у дубовай бондзе, дзе ён правёў сваё другое лета. Пасля разліву ў бутэлькі мы пакінулі яго адпачыць, каб ён атрымаў гэтыя малюсенькія бурбалкі ў працэсе натуральнай карбанізацыі — трэцяе лета гэты маленькі сезон быў зачынены ў бутэльцы.